Мікола Плавінскі "ДА ПЫТАННЯ АБ РАННЯЙ ПАВЕЗЕ"
"Castrum, urbis et bellum "
Павеза — прамакутны шчыт з акруглым верхнім краем і падоўжным жэлабам пасярэдзіне. Назву «павеза» прынята звязваць з італьянскім горадам Павіа [1, с. 37], але яе фармаванне праходзіла, па меркаванні ўсіх сучасных даследчыкаў, у іншым рэгіёне. Гэтым рэгіёнам было памежжа між заходнімі і ўсходнімі славянамі і балтамі.
Канчатковае афармленне класічнай пяхотнай павезы адносіцца да часу Гусіцкіх войнаў [2, с. 39], але пачаўся гэты працэс значна раней. Менавіта раннюю гісторыю павезы я і паспрабую асвятліць (аналіз грунтуецца пераважна на іканаграфічных, сфрагістычных і археалагічных дадзеных).
Гэтае пытанне не новае ў зброязнаўчай навуцы. Раннім павезам прысвечана шмат літаратуры. Вывучэннем гісторыі павезы і яе паходжання займаўся чэшскі даследчык В.Дэнкштэйн [3]. Ён прыйшоў да высновы, што характэрная форма павезы ўзнікла ў Літоўска-Мазавецкім рэгіёне яшчэ ў ХІІІ ст. Вялікую ўвагу пытанню надаюць польскія зброязнаўцы. Праблему ўзнікнення павезы разглядаў А.Надольскі [4]. Высвятляючы балта-славянскія запазычанні ў ваеннай справе Тэўтонскага Ордэна, ён прыйшоў да высновы аб верагоднасці пранікнення павезы да крыжакоў і ў Мазовію з Русі пры пасярэдніцтве балтаў. Шмат працаваў над пытаннем А.Навакоўскі [5]. Ён лічыць, што павеза мае балтыйскае паходжанне. Гэтае самае меркаванне ўтрымліваецца і ў абагульняючых працах па гісторыі польскага ўзбраення [6]. Іншага погляду прытрымліваецца А.М.Кірпічнікаў, які лічыць, што першыя павезы з’явіліся на Русі [7, с. 47]. Гісторыю павезы вывучаў таксама нямецкі даследчык Х.Нікель [8].
Папярэднія даследаванні выявілі, што ранняя павеза была шчытом вершніка [3, с. 191]. Нягледзячы на розныя погляды на месца яе ўзнікнення, усе даследчыкі згаджаюцца, што самая ранняя трывала датаваная выява ўжо сфармаваўшайся павезы паходзіць з Мазовіі. Але па пытанні, ці былі ў яе яшчэ больш раннія прататыпы, погляды разыходзяцца. Калі А.М.Кірпічнікаў знаходзіць гэткія прататыпы ў ХІІ ст. [7, с. 47], дык А.Навакоўскі адмаўляе іх існаванне [9, с. 114].
І ўсё ж, якім часам варта датаваць першыя павезы? Цікавыя вынікі дае звядзенне ўсіх выяў ранніх усходнееўрапейскіх шчытоў з жэлабамі ў адну табліцу (мал. 1). Відавочна, што ўжо на мяжы ХІІІ-ХІV ст. шчыты з жэлабамі былі вядомы ў Мазовіі (мал. 1:4-6), на землях Тэўтонскага Ордэна (мал. 1:7), на Русі, у прыватнасці, на Смаленшчыне (мал. 1:21) і, напэўна, у Польшчы (мал. 1:2). А ў другой палове ХІV ст. павезы распаўсюдзіліся ў Вялікім княстве Літоўскім (мал. 1:22), Мазовіі (мал. 1:5, 6), Польшчы [10, с 95], Наўгародскіх (мал. 1:15-18) і Тэўтонскіх землях (мал. 1:9-12). Для першай паловы ХІІІ ст. дадзеных амаль няма. Таму пошук прататыпаў павезы ХІІІ ст. немагчымы без аналізу шляхоў яе фармавання ад ужо аформіўшыхся экзэмпляраў да іх непасрэдных папярэднікаў.
Самая ранняя павеза ўяўляе шчыт, які развіўся з міндалепадобнага шляхам скруглення ніжняй часткі і з’яўлення жэлаба (мал. 1:4). Ёсць падставы меркаваць, што яму непасрэдна папярэднічала міндалепадобнае прыкрыццё з жэлабам. Выява такога шчыта ёсць на касцяной пласціне ад кашалька з Пскова, якая датуецца ХІІ ст. (мал. 1:13) [11, с. 226, 229]. Верагодна, што яго папярэднікам быў міндалепадобны шчыт з падоўжнай рабрынай [7, с. 47]. Такія прыкрыцці існавалі ў ХІІ ст. у Заходніх землях Русі (мал. 1:19) [12, с. 141]. З гэтага часу яны вядомы па польскіх іканаграфічных крыніцах (мал. 1:1, 3) [13].
Але такі шлях быў, відавочна, не адзіным. Ёсць падставы меркаваць, што ў некаторых выпадках спачатку магла развіцца форма (абрысы), характэрная для будучай павезы, а толькі потым з’яўляўся жэлаб [12, с. 141]. А.М.Кірпічнікаў адзначаў распаўсюджанасць у старажытнарускай іканаграфіі «карытападобных» прыкрыццяў і лічыў іх папярэднікамі павезы [7, с. 47]. Зараз ёсць магчымасць удакладніць і пацвердзіць гэтую гіпотэзу. Сярод малюнкаў на костках з гар. Маскавічы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.) ёсць выява воіна са шчытом, які вельмі нагадвае павезу, але яшчэ без жэлаба (мал. 1:20). Яшчэ больш выразную інфармацыю даюць пячаткі смаленскага князя Аляксандра Глебавіча [14]. На адной з іх бачны невялікі шчыт прамакутнай ці авальнай формы (мал. 1:21), а на другой — прыкрыццё блізкай формы ўжо набывае жэлаб (мал. 1:21). Падобная сітуацыя назіраецца на наўгародскіх сфрагістычных дадзеных другой паловы ХІV ст., дзе адначасова суіснуюць павезы, якія ўжо аформіліся (мал. 1:15, 17, 18), і шчыты вельмі блізкіх да іх абрысаў, але без жэлабаў (мал. 1:16). Плоскую паверхню маюць і некаторыя тэўтонскія прыкрыцці (мал. 1:8, 9).
Такім чынам, выяўляецца, што пачатак фармавання павезы варта аднесці прыкладна да канца ХІІ ст. Гэты працэс, напэўна, ішоў па двух напрамках (мал. 2). У ХІІ ст. падчас актыўных эксперыментаў па ўдасканаленні міндалепадобнага прыкрыцця (мал. 2:1) узніклі шчыты з падоўжнай рабрынай (мал. 2:2) [12, с. 141, 148]. Яны сталі непасрэднымі папярэднікамі шчытоў з жэлабамі, якія напачатку мелі яшчэ міндалепадобныя абрысы (мал. 2:3) і толькі з цягам часу наблізіліся да прамакутных і трапецападобных форм (мал. 2:4). У іншым выпадку міндалепадобны шчыт (мал. 2:6) трансфармаваўся шляхам спрамлення краёў (у першую чаргу ніжняга) да трапецападобных ці прамакутных форм (мал. 2:5). І толькі потым такія прыкрыцці набывалі прадольны жэлаб (мал. 2:4). Усе гэтыя змены былі досыць працяглымі. Пачаўшыся яшчэ ў канцы ХІІ ст., яны занялі, верагодна, і ХІІІ, і ХІV ст. Прычым у ХІІІ-ХІV ст. маглі адначасова суіснаваць ужо сфармаваўшыяся павезы і розныя мадыфікацыі «протапавезы» на падставе міндалепадобнага шчыта.
Не менш важкай, чым пытанне аб часе ўзнікнення павезы, з’яўляецца праблема яе паходжання. Але тут значна менш пэўнасці. Перадумовы для стварэння павезы і раннія этапы яе фармавання адбываліся на абсяжных тэрыторыях Паўднёвай і Усходняй Прыбалтыкі і рэгіёнаў, якія да яе прылягаюць (уключаючы Паўночны Захад Расіі і Заходнюю Русь, тэрыторыю Польшчы). На дадзены момант больш дакладная лакалізацыя, на мой погляд, не можа быць трывала абгрунтавана.
Праведзены аналіз выявіў, што з канца ХІІ ст. у вялікім рэгіёне Усходняй і Паўднёвай Прыбалтыкі і на тэрыторыях, якія да яе прылягаюць, пачаўся працэс фармавання павезы. Развіццё ранняй павезы адбывалася па двух асноўных напрамках. Яе прататыпамі сталі мадыфікацыі міндалепадобных шчытоў. Ужо на мяжы ХІІІ-ХIV ст. павезы распаўсюдзіліся ў Мазовіі, на тэрыторыі Тэўтонскага Ордэна, у заходніх рускіх землях, верагодна, у Польшчы. Прыкладна ў другой палове ХІV ст. арэал распаўсюджання павезы ахапіў увесь балтыйска-польска-рускі рэгіён.
--------------------------------------------------------------------------------
Спіс літаратуры
1. Denkstein V. The Bohemian Pavise in Turin Armeria Reale Collections // Armi Antiche. Bolletino dell’ Accademia di S. Marciano- Torino. Numero unico. 1965.
2. Denkstein V. The Bohemian Pavise in Turin Armeria Reale Collections.
3. Denkstein V. Pavisis of the bohemian type II // Acta Musei Nationalis Pragae, Vol. XVIII, Series A-History. — 1964; Denkstein V. The Bohemian Pavise in Turin Armeria Reale Collections.
4. Nadolski A. Niektóre elementy bałto- słowiańskie w uzbrojeniu i sztuce wojennej krzyżaków // Pomorana Antiqua. — T. V., 1974.
5. Nowakowski A. Przyczynki do poznania tak zwanej zbroi mazowieckiej // KHKM, R. XXI, 1973, nr. 2; Nowakowski A. Jeszcze o geneze paweży (Uwagi na margenesie książki A.N. Kirpichnikowa) // KHKM, 1980, nr. 1; Nowakowski A. Uzbrojenie wojsk krzyżackich w Prusach w XIV w. i na początku XV w. // AAL, Nr. 29, 1980, s. 100—103; Nowakowski A., 1994. Arms and armor in the medieval Teutonic Order’s State in Prussia. Łódź. 1994, p. 81.
6. Polska technika wojskowa do 1500 roka. — Warszawa, 1994. — S. 245; Uzbrojenie w Polsce średniowiecznej 1350–1450. — Łódź, 1990. — S. 95; Uzbrojenie w Polsce średniowiecznej 1450–1500. — Toruń, 1998. — S. 102.
7. Кирпичников А.Н. Военное дело на Руси в ХIII–XV в. — Л., 1976.
8. Nikel H. Der mittelalterliche Reiterschield. Inaugural-Disertation zur Erlangerung des d. Phil. Fak. d. Freien Universität. — Berlin, 1958.
9. Nowakowski A. Jeszcze o geneze paweży (Uwagi na margenesie książki A.N. Kirpichnikowa) // KHKM, 1980. — Nr. 1.
10. Uzbrojenie w Polsce średniowiecznej. 1350–1450. — Łódź, 1990.
11. Лабутина И.К., Кондратьева О.А. Пластины с изображением кентавра и фантастического животного из раскопок во Пскове // СА. — №4.
12. Плавінскі м.А. Засцерагальнае ўзбраенне ІХ–ХІІІ ст. на тэрыторыі Беларусі // ГАЗ №16. — Мн., 2001.
13. Gimbutiene M. Balti aizvçsturiskajos Laikos. — Riga, 1994; Kajzer L. Uzbrojenie i ubiór rycerski w średniowecznej Małopolsce w świetle źródeł ikonograficznych. — Wrocław–Warszawa–Kraków–Gdańsk, 1976. — Ryc. 26: b.
14. Янин В.Л., Гайдуков П.Г. Актовые печати Древней Руси Х–ХV в. — Т. III: Печати, зарегистрированные в 1970–1996 г. — М., 1988. — Табл. 48. — № 805, 806. "
Взято с :
http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/ ... rum/23.htm