Из книги Ю.М.Бохана "Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV - канца XVI ст.", Б86,-Мн.:Экаперспектыва,2002
Арбалеты.
Арбалет вядзе свой генезіс з часоў антычнасці. Гэтая зброя фіксуецца ўжо рымскімі крыніцамі IV ст. Новая фаза ва ўжыванні арбалета ў Еўропе пачынаецца з канца X ст., i ў далейшым ён выступае ў сярэднявеччы як адзін з асноўных відаў зброі далёкага бою. Арбалет уяўляў сабой механізаваны лук, прымацаваны настала да ложа пры дапамозе шнуроў, скураных рамянёў ці пары металічных петляў, якія пасля ўстаўляння ў ix лука закліньваліся. Арбалетная ложа забяспечвалася прыстасаваннем для ўтрымання цецівы ў нацягнутым стане i спускавым механізмам. Такая канструкцыя дазваляла раздзяліць працэсы напінання зброі, прыцэльвання i страляння, якія ў выпадку выкарыстання звычайкага лука праводзіліся практычна аднамомантна. Дзякуючы гэтаму, карыстанне арбалетам з’яўлялася больш лёгкім, зручным і патрабавала меншай спрактыкаванасці.
Галоўны элемент спускавога механізма арбалета складала шайба-«арэх», змешчаная ў спецыяльным гняздзе ложа такім чынам, што над яго паверхняй выступаў толькі зачэп для цецівы. Несвоечасовае вызваленне цецівы з зачэпа прадухілялася курком ці спускавым рычагом, які ўпіраўся ў засечку арэха насупраць зачэпа. У месцы праходжання восі пракручвання арэх мог мець адтуліну для мацавання да ложа, аднак у некаторых арбалетаў арэхі не мацаваліся, а свабодна «плавалі» у гняздзе.
Першапачаткова нацягванне арбалета ажыццяўлялася ўручную. 3 XIII ст. i пазней для гэтага пачалі ўжываць разнастайныя прыстасаванні, такія як нацяжны крук, «казіная нага», англійскі калаўрот i нямецкі калаўрот. Найпрасцейшым i найбольш раннім прыстасаваннем быў падвешаны да пояса нацяжны крук, адзінарны ці двайны, які чапляўся за цеціву, у той час як у спецыяльнае стрэмя, прымацаванае да пярэдняй часткі ложа перад лукам, устаўлялася сагнутая нага. Выпростваючы нагу ці разгінаючы тулава, стралец нацягваў лук да фіксацыі цецівы зачэпам арэха. Магчымасць досыць хуткага прывядзення зброі ў баявую гатоўнасць як пешым, так i конным ваяром абумовіла папулярнасць i працяглы час бытавання такой сістэмы.
«Казіная нага» ўяўляла сабой камбінаванне двайнога крука з аднаплечавым рычагом, да якога ён мацаваўся на шарнірах. Рычаг чапляўся раздвоеным канцом за спецыяльныя штыфты на ложы i адводзіўся назад, адцягваючы крук з цецівой. Пасля напінання цецівы прылада здымалася, аж пакуль не ўзнікала неабходнасць у новым напінанні. Яшчэ больш эфектыўным быў англійскі калаўрот, пабудаваны на прынцыпе блока ці сістэмы блокаў, а таксама нямецкі калаўрот, у аснове якого ляжала чарвячная ці зубчастая перадача, пры дапамозе якой рукаяць круціла шасцярню са штыфтамі. Штыфты ў сваю чаргу рухалі зубчастую рэйку, забяспечаную на адным з канцоў двайным круком для зачэпу цецівы. Перадатачны механізм змяшчаўся ў металічны корпус, які пры нацягванні чапляўся за штыфты на ложы. Выкарыстанне падобных прыстасаванняў дазваляла значна павялічыць сілу нацяжэння арбалетаў, што зрабіла магчымым пераход да больш магутных лукаў, у тым ліку з рогу ці сталі. Для такіх лукаў патрабавалася адпаведна тоўстая трывалая цеціва. Прабіўная здольнасць стралы (балта), выпушчанай з дасканалага арбалета, была вышэйшай, чым у звычайнага лука, аднак па хуткастрэльнасці арбалет, асабліва са складаным нацяжным механізмам, саступаў луку ў некалькі разоў.
Спецыфічную канструкцыю мелі i арбалетныя балты. Дрэўкі ix былі карацейшыя, але больш масіўныя, чым у звычайных стрэл. Масіўнасцю вызначаліся i наканечнікі балтоў, кароткія i гранёныя, выдатна прыстасаваныя для прабівання засцерагальнага ўзбраення праціўніка.
На землях, што ўваходзілі ў разглядаемы перыяд у склад Вялікага Княства Літоўскага, арбалеты маглі ўпершыню з’явіцца ў канцы XII ст. Але яшчэ на пачатку XIII ст. тут, здаецца, не існавала сталых навыкаў абыходжання з падобнай зброяй. Па сведчанні Генрыха Латвійскага, палачане, якія штурмавалі ў 1206 г. лівонскі замак Гольм, не ведалі ўжывання арбалета, хоць i былі вопытныя ў стральбе з лука24. Разам з тым ужо Міндоўг меў у 1253 г. атрады наёмных нямецкіх арбалетчыкаў, а да канца XIV ст. арбалет выступаў як досыць тыповая зброя ваяроў Вялікага Княства, хоць сам тэрмін «арбалет» тут не быў вядомы. Замест яго побач з лацінскім найменнем «balista» ўжывалася назва «самастрэл». а пазней - «куша». Нельга не звярнуць увагу на тое, што пісьмовыя крыніцы да канца XV ст. прыносяць значна больш інфармацыі аб выкарыстанні ў Вялікім Княстве Літоўскім арбалетаў, чым лукаў, што сведчыць аб той важнай ролі, якая адводзілася менавіта гэтаму віду кідальнай зброі. Эфектыўнымі аказаліся арбалеты ў барацьбе з мабільнай татарскай конніцай, узброенай лукамі, падчас бітвы на Сініх Водах у 1362 г.26 3 30 капійнікамі i 60 арбалетчыкамі (cum triginta lanceis et sexaginta balistariis) здабываў Драгічын Надбужскі ў 1383 г. Ягайла. Ужо тады ў ліцвінскім войску мелася, як можна меркаваць, значная колькасць механізаваных лукаў. Тым не менш патрэба ў забеспячэнні гэтай зброяй мясцовых ваяроў працягвала існаваць, таму пасля атрымання Ягайлам польскай кароны ў 1386 г. арбалеты ўзгадваюцца як важны артыкул, імпартуемы ў Вялікае Княства з Польшчы, прычым забеспячэнне імі прадстаўнікоў вайсковага люду праводзілася як у індывідуальным парадку, так i шляхам высылкі цэлых партый самастрэлаў.
Вялікую колькасць арбалетаў, напрыклад, прывёз Ягайла з Польшчы падчас свайго прыезду ў Літву ў лістападзе 1390 г.28 Дваццаць арбалетаў па 1 грыўне i 5 скойцаў за кожны было выслана ў Вільню ў 1393 г. Пад 1394 г. фіксуецца высылка ў Вільню яшчэ семнаццаці экземпляраў, сумарны кошт якіх складаў 20 грыўняў i 7 грошаў. У тым самым годзе чатыры арбалеты, за якія было заплочана 4 грыўны 16 скойцаў, вёз Вітаўту ягоны пісар Пётр. 1 капа грошаў была выдаткавана каралеўскім скарбам на набыццё арбалета нейкаму Добку, які знаходзіўся пры Скіргайле, а ў наступным годзе за кошт каралеўскага скарбу арбалет за 7 вярдункаў набыў пасол Вітаўта Ваўчок.
Шэраг крыніц узгадваюць арбалеты побач з артылерыйскай зброяй. Не выключана, што ў гэтых выпадках гаворка ідзе пра цяжкія аобалеты, якія ўжываліся для выканання такіх самых задач, што i артылерыя. «Bombardis, balistis» захапіў з сабой Вітаўт, калі пасля прымірэння з Ягайлам вяртаўся ў 1392 г. з Тэўтонскага ордэна. Паводле Патрыяршага, альбо Ніканаўскага, летапісу, «в кованых телегах на чепех железных, со многими пищалми и пушками и самострелы» размяшчалася частка ліцвінскіх сіл падчас бітвы на Ворскле ў 1399 г. Варта падкрэсліць, што тут, падобна як i у бітве на Сініх Водах, арбалеты паказалі сваю высокую эфектыўнасць у барацьбе з татарскай кавалерыяй. Цвярскі летапіс піша пра гэта так: «И в то время приспе Темир Кутлуй с многыми полкы ратными, и сретошася с Витовтом в поле на реце на Верськле, и бе страшно видети в т(ой) час силы великыа снимающеся, а наперед прииде Едигий, и ударишася полци идуще, стрелы акы дождеваа туча обоих, от Ляхов самострелы, и начаша Едегеа самострелы перемогати Литва...». Пра значную ролю арбалетаў ў абароне фартэцый яшчэ ў канцы XV ст. сведчыць спецыяльны загад вялікага князя Аляксандра, дадзены ў 1492 г. намесніку Краснасельскаму i ключніку Луцкаму, у якім гаварылася: «коли быхмо мели слати на замки нашы украинные пищали и самострелы и порох пушечный на кольку воз, на пяти або на шести, маюць они под нашы тые речи подводы з возы давати».
Разам з тым, падобна як i ў краях «лацінскай» Еўропы, у Вялікім Княстве Літоўскім арбалеты ўжываліся не толькі для аблогі i абароны ўмацаванняў, але таксама ў якасці ручной зброі конных стральцоў. Так, напрыклад, Вітаўт надаў у 1425 г. нейкаму Пятру з Гумова войтаўства Тыкоцінскае, за што згаданы Пётр i яго нашчадкі мусілі выязджаць «ad omnes expeditiones generates cum uno balistario». «С кушею... на своем коне добром» абавязваўся ў 1469 г. служыць Якубу Неміровічу Шчыту Фёдар, войт сяла Бацікавічы. На магчымасць небаявога выкарыстання арбалета, а менавіта на паляванні, ускосна ўказвае фіксацыя «рэестрам паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. разам з арбалетамі «болтов 7 шипов 14 а вилиц 5 а неосажоных вилиц пять а стрил 7 десятков готовых». Узгаданыя тут «віліцы» з’яўляліся, праўдападобна, балтамі з раздвоенымі наканечнікамі, ужыванымі для паляўнічых мэтаў.
Тэрміны, што выкарыстоўваліся ў Вялікім Княстве для абазначэння арбалетаў, ніяк не адлюстроуваюць асаблівасці ix канструкцыі, з якіх найбольшую цікавасць выклікае сістэма нацягвання цецівы. Для параўнання, на землях Тэўтонскага ордэна арбалеты з паясным нацяжным круком называліся «ste-gereiffarmbrost», з «казінай ножкай» - «rucharmbrost», а з калаўротам -«windearmbrost»38. Найпрасцейшым, але пашыраным у Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў канцы XV ст. прыстасаваннем з’яўляўся паясны нацяжны крук. Выкарыстанне падобнага крука прадстаўлена ў схематычнай, але досыць рэалістычнай манеры на адной з мініяцюраў Радзівілаўскага летапісу. Адзінарны крук з раздвоенай асновай, на якой маюцца дзве адтуліны для мацавання да пояса, знойдзены ў Лідскім замку (мал. 18: 13). Паводле існуючых аналагаў, крук датуецца XIV ст.39
Бытавалі ў Вялікім Княстве i больш складаныя нацяжныя механізмы. Узгадкі пра «гевары», альбо «геверы», якія з’яўляліся, на думку Я. Шымчака, нямецкімі калаўротамі з шасцярнёй i зубчатай рэйкай40, сустракаюцца ў дакументах пачатку XVI ст., хоць можна меркаваць, што выкарыстоўваліся яны i раней. «Ваlista cum hewar» была аддадзена ў 1502 г. палачаніну Герману Платэншлегеру як заклад за грошы, пазычаныя ў яго наёмным жаўнерам Станіславам Вольскім. «Самострилы 2 а гевер один» двойчы фігуруюць у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. «Куша а три гевари» меліся ў 1515 г. у арсенале Крычаўскага замка.
У археалагічным матэрыяле дэталі арбалетаў прадстаўлены элементамі спускавых механізмаў. У слаі XV ст. Мсціслаўскага замчышча выяўлены два простыя спускавыя куркі-рычажкі блізкай канструкцыі, з паваротнай воссю пасярэдзіне. Разам з тым па форме яны адрозніваюцца адзін ад аднаго: калі плечы першага рычажка складаюць амаль адну простую лінію, то абрысы другога аддалена нагадваюць літару S (мал. 18: 1 — 2).
У познесярэднявечных слаях Гродна (XIV ст.), Вільні (другая палова XIV - першая палова XV ст.) i Брэста (XV ст.) знойдзены касцяныя арэхі (мал. 18: 3 — 12)45. Асабліва цікавымі з’яўляюцца два арэхі XV ст. з Брэста, якія маюць не толькі зубападобныя зачэпы для цецівы ў верхняй частцы, але i выступы ўнізе для ўпора курка. Таўшчыня брэсцкіх арэхаў 20 — 25 мм, дыяметр 40 — 55 мм. Цікавасць уяўляюць i знаходкі з Вільні. Характар матэрыялу, які спадарожнічаў ім, у прыватнасці касцяныя накладкі (мал. 18: 14 — 16), сведчыць, што яны былі выяўлены на месцы майстэрняў, дзе вырабляліся i рамантаваліся арбалеты. Усе арэхі, як з Гродна, так i з Брэста i Вільні, маюць адтуліну для мацавання па цэнтры.
Апошнія згадкі аб ужыванні арбалетаў ў Вялікім Княстве Літоўскім прыпадаюць на пачатак XVI ст. У далейшым яны выходзяць з баявога ўжытку. У попісах войска другой паловы гэтага стагоддзя яны не фігуруюць, таксама як i ў інвентарах тагачасных арсеналаў. I толькі ў збраёўні Брэсцкага замка мелася ў 1566 г. «болтов до куш 5», якія засталіся тут, відаць, з папярэдніх часоў, калі арбалеты складалі значную канкурэнцыю іншым відам зброі далёкага бою. "
_________________ "... или ты делаешь свое дело лучше всех, или это дело долго не протянет..." (с)
Луда это не просто бухалово, а новая эволюционная ветвь бухалова: ЛУДА - организованная перманентная пьянка на идеологической основе полного отрицания труда (с) Википедия by me..
"а бухать в историчном не заепло случаем???))))" (с) Jurgen
"Запомни сразу и навека, в любом сраженьи важны детали. Когда ты видишь костюм врага, он не притален, а наш - притален!" (с)
|